БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ ў Германіі. Існавала ў 1945—50. Засн. ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург з мэтай падрыхтоўкі бел. моладзі для паступлення ў ВНУ. У 1946/47—1947/48 навуч. г. працавала ў г. Мігельсдорф, у 1948/49 у г. Віндзішбергердорф, у 1949/50 у г. Розенгайм. Дзейнічала ў сістэме ням. школьнай асветы і мела аднолькавыя правы з ням. школамі падобнага тыпу. Гімназія была 8-класная, выкладаліся агульнаадук. прадметы, рэлігія, бел., англ., ням. і лац. мовы, элементы філасофіі. 28.6.1947 гімназіі прысвоена імя Я.Купалы. 28.9.1948 пед. і вучнёўскі калектыў падзелены на 2 школы, якія захавалі імя Я.Купалы. Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арг-цыя, працавалі літ. (выдаваў час. «У выраі»), драм., спарт. гурткі. Адбылося 5 выпускаў, пасведчанні атрымалі 44 чал. У розны час гімназію ўзначальвалі А.Орса, М.Рагажэцкі, А.Вініцкі.
Літ.:
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Йорк;
Беласток, 1994.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)